КАЛЕКЦЫI

На сённяшні дзень (2021 год) у фонды музея ўключана больш за 15 тысяч адзінак захоўвання. Аснову фондаў музея складаюць калекцыі археалагічных раскопак Мінска XI - XIX стст .: кераміка, вырабы са скуры, косці, дрэва, металу, ювелірныя ўпрыгажэнні, нумізматыка.

 

Значную частку збору складаюць мемарыяльныя калекцыі выбітных грамадзян горада:
-мемарыяльная калекцыя Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна г.Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922 - 2010);

 

-мемарыяльная калекцыя заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, акадэміка Мікалая Аляксандравіча Барысевіча (1923 - 2015).

 

Гісторыя Мінска ў творах мастацтва прадстаўлена ў калекцыях жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта працы В. Стэльмашонка, Б. Аракчэева, А. Сташчанюка, В. Альшэўскага, В. Ісачэнка, В. Шаркова, В. Ткачова і многіх іншых.

 

У фондах музея захоўваецца калекцыя фатаграфіі пачатку ХХ - пачатку ХХI стст., а таксама вялікая калекцыя фотаапаратаў са збору В.П. Суглоба. У 2016 годзе калекцыя фатаграфіі папоўнілася фота-архівам Вадзіма Качана, які перадаў у музей больш за 60 здымкаў, зробленых у 1980-я гг. у Мінску.

 

Багаты збор прадметаў побыту і мэблі XIX - першай паловы XX стст. прадстаўлены ў экспазіцыях музея ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Мінскай гарадской ратушы, музеі «Лошыцкая сядзіба».

 

Асобна варта адзначыць калекцыю падарункаў гораду Мінску ад гарадоў свету. Папаўняецца дадзеная калекцыя ў выніку перадачы прадметаў у музей з Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Часткова дадзеная калекцыя прадстаўлена ў экспазіцыі Мінскай гарадской ратушы - «Мінск сярод сяброў: гарады-пабрацімы сталіцы Беларусі».